ПЕРСІ́ДСКІ ПАХО́Д 1722—23,
паход рас. арміі і флоту ў прыкаспійскія ўладанні Ірана (Персіі) у 1722—23. Мэты — забяспечыць гандл. сувязі з усх. краінамі, якія парушыліся з прычыны ірана-афг. вайны і ўнутр. нестабільнасці ў Іране, прадухіліць тур. агрэсію ў Закаўказзі і пашырыць на яго рас. ўплыў. Летам 1722 рас. войскі (44 тыс. чал.) і флот пад камандаваннем імператара Пятра I выйшлі з Астрахані і Царыцына і 3.9.1722 занялі г. Дэрбент. З прычыны восеньскіх бур, якія парушылі забеспячэнне рас. войск, запланаваны паход на Баку і злучэнне з саюзнымі войскамі цара Картлі (Грузія) Вахтанга VI і арм. каталікоса Есаі сталі немагчымымі. Пётр I пакінуў у Дэрбенце гарнізон і вярнуўся ў Астрахань. Рас. марскія дэсанты ў снеж. 1722 занялі г. Рэшт (паўд. ўзбярэжжа Каспійскага м.) у жн. 1723 — г. Баку. Вясной 1723 туркі ўварваліся ў Закаўказзе. 23.9.1723 Іран заключыў з Расіяй у С.-Пецярбургу мірны дагавор, паводле якога да Расіі адышлі ўсе іранскія ўладанні зах. і паўд. ўзбярэжжаў Каспійскага м. (у 1732 і 1735 вернуты Ірану).
т. 12, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)